СЦЭНАРЫЙ
тэатралізаванага прадстаўлення
НА КІРМАШЫ

Гучыць вясёлая музыка. На пляцоўцы з'яўляецца Сымон.
Сымон: Гэй, хлопцы, ці тут гэта кірмаш? А то я пакуль сюды дабраўся, зусім заблытаўся. Ну, калі тут, тады прывітанне! Мяне завуць Сымон. Я чалавек кемлівы і разумны. А розуму я набраўся па усім свеце ходзячы, між людзей бываючы, розныя кнігі чытаючы. Вось прыйшоў вас пазабаўляць, пацешыць, ды на кірмашы свайго бычка прадаць. (Спахопліваецца.) Ой, Божачкі, а дзе ж я яго падзеў? (Азіраецца.) Ды і жонкі нешта не бачу. Згубіліся! І не дзіва: людзей вунь колькі на кірмашы, як дроў у лесе. А кабеткі якія прыгожыя! Можа гэта і лепш, што жонка мая згубілася. Не, трэба ісці яе шукаць, бо крыку і ляманту ж будзе – на ўсю вёску. А вы, пакуль я жонку шукаць буду, не сумуйце песню паслухайце.
Выходзіць вакальны гурт, спявае некалькі песень.
Выходзіць кабета з кошыкам (жонка Сымона).

Кабета: Ой, Божа мой, як я стамілася! Гэта не кірмаш, а боскае пакаранне для мяне. Каб на цябе ліха.
Да яе падыходзіць дзядуля з торбачкай.

Дзядуля: Добры дзень, маладзіца. Каго гэта ты так лаяла на ўвесь кірмаш?

Кабета: Каго? Бычка гэтага неразумнага. Ды мужа свайго, каб яму добра спалася! Гэта ж трэба – прыехалі на кірмаш бычка прадаць, а ён адразу ж і знік.

Дзядуля: Бычок?

Кабета: Ды не, Сымон мой. Толькі быў – і як карова языком злізала. А тут , як на грэх, і бычок давай брыкацца. На сілу да плоту прывязала, ды пайшла Сымона шукаць.

Дзядуля: Маладзічка, прадай мне бычка.

Маладзіца: (каб набіць кошт) Ён у мяне буры-буры, заганяе свінні і куры. За дзешава не прадам.

Дзядуля: Ой, прадай, прыгажуня, бычка.

Маладзіца: Ён у мяне лысы-лысы, мые лыжкі, мые місы. Проста так не прадам!
Дзядуля: Ну прадай бычка!

Кабета: Ён у мяне рабы-рабы, ён заўсёды каля бабы. Кожны дзень дапамагае, вось які ў мяне бычок – пазалочаны бачок! Ён і каштуе дорага.

Дзядуля: (працягвае торбачку). Усё жыццё галадаў, у торбу грошы складаў. Во, бяры ўсё, што тут ёсць.

Кабета: (заглянула ў торбу).Вось і добра. Згодна. Вунь бычок навязаны (паказвае рукой у бок).
Дзядок , трымаючыся за бок, стогне і адыходзіць шукаць бычка.

Кабета: Добра бычка прадала, шмат грошай ўзяла. Але дзе ж гэта майго мужыка носіць? Вы не бачылі? (Звяртаецца да ўдзельнікаў вакальнага гурта, які выходзіць і спявае беларускую народную песню. Кабета ўходзіць. У канцы песні з'яўляецца Сымон.)

Сымон: Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець, калі маёй жонкі сам чорт не знайдзець! І я не знайшоў. А ну яе!( махае рукой).
На апошніх словах ціхенька падыходзіць кабета і хапае Сымона за каўнер.

Кабета: Ага! Вось ты дзе, мой любы? Гэта я павінна тавар прадаваць, кош цягаць, а ты тут языком малоць? (трасе за каўнер)

Сымон: Ой, дзякуй, мая міла, што паціху біла. Куплю табе мёду і хустку прыгожу. Людзі, ратуйце!
Выходзіць харавы калектыў, спявае песню, заводзіць харавод. Сымона і яго жонку бяруць ў харавод. Пасля спяваюць песню "А я ў печы не паліла, мілы мой, міленькі". Сымон з жонкай абыгрываюць песню.

Кабета: Бяры кош, лайдак, ды пайшлі. Кірмаш у самым разгары.

Сымон: Ціха! Не сварыся! Не сапсуй людзям настрою. Пайшлі ўжо.
Сымон з жонкай уходзяць. Фальклорны гурт спявае песню, потым танцуюць.

Вядучая: Добры дзень, сябры! Які кірмаш без гульняў і забаў? Таму зараз запрашаю самых смелых, самых хуткіх, самых спрытных сабе падарунак атрымаць. (Вядучай дапамагаюць дзве дзяўчыны, якія выносяць вяроўку, на якой прывязаны прызы).

Вядучая: Вам неабходна з завязанымі вачыма падысці да вяроўкі з прызамі і зрэзаць нажніцамі што-небудзь. Калі атрымаецца – прыз ваш! Калі ласка. Вось першы хлопчык зараз паспрабуе прыз атрымаць.
Праводзіць гульню "Зрэш прыз". Потым зноў з'яўляюцца Сымон і кабета.
Кабета: Учыніла я бліны на ўчарашняй вадзе. Ой, бліны мае, бліны! А я бліны напякла, на кірмаш прынясла. А ніхто маіх бліноў не купіў. Адна свіння падышла, панюхала і пайшла.

Сымон: Во-во, а мяне дык кожны дзень есці застаўляе.

Кабета: Бачу, што ад маіх бліноў дрэнна выглядаешь! Вось я цябе зараз ўпрыгожу трошкі! (Замахіваецца рукой.)

Сымон:Добра, добра! Я ж табе дапамагчы хачу, а ты ...

Кабета: Вось так! А што з блінамі рабіць? Я ж так старалася, выпекала, маслам мазала, мёдам палівала, людзей частаваць хацела.

Сымон: Разаз пачастуем, не хвалюйся. Людзі добрыя пачынаем аўкцыён. Вось талерка бліноў з маслам і мёдам. Пах ідзе на ўвесь кірмаш. Каштуе тысячу рублёў. Хто дасць болей? Дзве! (праводзіць аўкцыён).
Пасля аўкцыёну танцавальны калектыў выконвае некалькі танцаў.

Вядучая: Дзякуй,дзяўчаты, добра танцавалі. А зараз я вас запрашаю на кірмашовыя забавы. (У гэты час дзяўчаты, якія дапамагаюць вядучай, выносяць рэквізіт – кеглі і маленькія мячыкі). Хто з вас хоча праверыць сваю меткасць, запрашаю да мяне. Вам неабходна збіць ўсе 10 кеглей з трох папытак, каб атрымаць падарунак.
Праводзіцца гульня "Меткі стралок". Пасля вакальны гурт спявае некалькі песень.

Вядучая: Шаноўныя сябры! Мы вельмі рады, што вы завіталі на наш кірмаш. Сёння ў вас ёсць магчымасць паглядзець цудоўныя вырабы нашых майстроў, а таксама і купіць што-небудзь для сябе і ў падарунак сваім родным і сябрам. На нашым кірмашы працуе цікавая выстава. Калі ласка падыхоцце, глядзіце, купляйце. А мы з вамі развітваемся. Дай, Божа, вам дабрабыту ў кожнай хаце, міру і шчасця назаўжды і ніякае бяды!
Вакальны гурт спявае песню "Бывайце здаровы".

Примечание: Обязательные к заполнению поля помечены *.

Яндекс.Метрика