"Шчодры вечар" 
Сцэнарый мастацка-гульнёвай праграмы

На сцэне з'яўляюцца музыкі, скамарохі, калядоўшчыкі.
Гучыць музыка.

Калядоўшчык1. Прыйшла каляда калядуючы,
Калядоўшчык2. А за ёю дзеўкі, жартуючы!
Калядоўшчык3. Пайшла Каляда ў адну хату…

Барабаншчыкі, скамарохі б'юць у бубны і барабаны

Калядоўшчык4. А ў гэтай хаце
Усе. Куццю таўкуць!
Калядоўшчык1. Пайшла Каляда ў другую хату /грукацяць барабаны/
А там?
Усе. Срэбра звініць!
Калядоўшчык2. А ў чацьвёртай /грукацяць барабаны/
Усе. Сала шыпіць!
Калядоўшчык3. А ў пятай хаце /грукацяць барабаны//
Усе. Каўбасу пякуць!
Калядоўшчык4. А наша хата?
Усе. Поўна гасцей!
Добры вечар таму, хто ў гэтым даму!

Гучыць вясёлая музыка, б'юць барабаны.

Калядоўшчык1. А людзей тут цераз край,
Калядоўшчык2. Хоць ты лыжкаю мяшай!
Калядоўшчык3. А ці рады вы нам?
Усе. Не чуем?
Калядоўшчык4. Калі вы нам рады,
Усе. Мы вам да парады!
Калядоўшчык1. Хай на радасць усім вам будуць
Усе. Жарты, песні!
Калядоўшчык2. Бо без песні жыць няёмка,
Усе. Хоць ты трэсні!
Калядоўшчык3. Бо без скрыпкі і дуды
Усе. Ходзяць ногі не туды!
Калядоўшчык4. А яшчэ у прывітанні пажадаць мы вам хацелі,
Калядоўшчык1. Каб ад нашага спаткання вы ўсе памаладзелі,
Калядоўшчык2. Каб не ведалі вы злосці,
Калядоўшчык3. Каб жылі у весялосці.
Калядоўшчык4. Усім ад краю і да краю
Усе. Шчасця і дабра жадаем!

Гучыць музыка.З'яўляецца «Каза».

Калядоўшчык1. А ты, каза, не ляніся
Туды-сюды павярніся,
Калядоўшчык2. Ножкамі пастукачы,
Рожкамі паляскачы,
Калядоўшчык3. Паскачы для народа,
Каб урадзіла жыта
У новым годзе многа!
Калядоўшчык4. Людзі, сумна не глядзіце,
Казу-весялуху ў карагод вазьміце
Усе. Хто з казою патанцуе,
Ў новым годзе пашанцуе!

Гучыць песня «Ой, калядачкі».Калядоўшчыкі сыходзяць са сцэны
і заводзяць унізе карагод, На сцэне рыхтуюцца да выступлення
скамарохі /цыркавая праграма/.

Калядоўшчык1. Усіх запрашаюць на гулі і скокі
Вясёлы народ - скамарохі!

Гучыць вясёлая музыка. Выступленне цыркавой студыі.

Калядоўшчык2. Ну, малойцы, не дрыжыце,
Моц і спрытнасць пакажыце!

Скамарохі сыходзяць уніз і пачынаюць праводзіць гульні на трох
пляцоўках: 1. Перацягванне вяроўкі,
2 .Падняцце цяжкасцей,
3 .Дзіцячая праграма /тэатр «Ціп-Топ»/.
На цэне ў гэтую гадзіну выступае ансамбль «Лошніцкая бліскавіца»
Пасля заканчэння праграмы ўсе удзельнікі вяртаюцца на сцэну

Калядоўшчык1. Мы прышлі да вас пажадаць дабра
Ад усёй душы, як сваім сябрам.
Калядоўшчык2. Каб прынёс год новы вам
Дабрабыт і плён,
Многа радасці, веру светлых дзён!
Калядоўшчык3. Няхай збудзецца, што жадаецца,
Што задумана – прыдбаецца!
Калядоўшчык4. Дзякуй вам за добры прыём,
Цераз лета і восень
Ізноў да вас прыйдзём!
Усе. Усяго вам добрага!

Гучыць вясёлая песня. Фінал.

Примечание: Обязательные к заполнению поля помечены *.

Яндекс.Метрика